ВО́ЎЧКАВІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

Пціч, у Мінскім р-не, на р. Пціч (бас. Дняпра). За 16 км ад Мінска, каля в. Воўчкавічы. Створана ў 1968. Пл. 0,85 км², даўж. 3,5 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 6,5 м. Аб’ём вады 2,8 млн. м³.

Катлавіна выцягнутая ў даліне ракі. Левы бераг стромкі, выш. да 15 м, абвальна-асыпны, месцамі ўкрыты хмызняком і хваёвым лесам, у вярхоўі забалочаны, правы больш спадзісты, выш. да 10—12 м, пад мяшаным лесам. У паўн. ч. зарастае. Моцнапраточнае, сярэднегадавы сцёк у створы плаціны 26,7 млн. м³. Зона адпачынку, месца правядзення спаборніцтваў па веславанні і водных лыжах. На беразе Воўчкавіцкага вадасховішча ў в. Строчыца створаны Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.

т. 4, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)